«Пароль неўміручасці – родная мова»
19-20 лютага ў нашай акадэміі па ініцыятыве кафедры замежных моў пры падтрымцы аддзела выхаваўчай работы прайшла акцыя “Правер сваю пісьменнасць”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.
Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day), абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года, упершыню святкаваўся 21 лютага 2000 года і цяпер адзначаецца штогод з мэтай садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю. Дата 21 лютага была выбрана ў знак памяці падзей, якія адбыліся ў горадзе Дака, калі ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты, якія прымалі ўдзел у дэманстрацыі за наданне роднай ім бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.
Падчас правядзення акцыі ў вестыбюлі вучэбна-лабараторнага корпуса члены ініцыятыўнай групы – студэнткі І курса факультэта ветэрынарнай медыцыны Аляшкевіч Ірына, Жураўлёва Таццяна, Койпіш Соф’я, Матузава Вераніка, Сідарук Вераніка – шчыра прапаноўвалі ўсім жадаючым выканаць заданні: выбраць правільны варыянт напісання слоў прафесійнай тэматыкі і паставіць знакі прыпынку ў вершаваных радках, прысвечаных роднай мове.
На здзіўленне, акцыя многіх зацікавіла. У ёй прынялі ўдзел: 163 студэнты факультэта ветэрынарнай медыцыны, 30 студэнтаў біятэхналагічнага факультэта, 32 студэнты факультэта завочнага навучання, 8 магістрантаў, 3 слухачы факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, 30 выкладчыкаў і супрацоўнікаў падраздзяленняў акадэміі, 15 чалавек выканалі заданне ананімна.
Пераможцамі акцыі сталі:
Шутаў Кірыл, студэнт 20-й групы І курса ФВМ – І месца;
Паляшчук Раман, студэнт 20-й групы І курса ФВМ – ІІ месца;
Шлюхто Сяргей, студэнт 20-й групы ІІІ курса ФВМ – ІІІ месца.
На нашу думку, акцыя паказала, што ў нашай акадэміі склаліся неабыякавыя адносіны да роднай мовы. Вельмі парадавала тое, што ў мерапрыемстве прынялі ўдзел не толькі студэнты, але і выкладчыкі і супрацоўнікі. Сярод іх – загадчык кафедры гігіены жывёл прафесар У.А. Мядзведскі, дацэнт кафедры кармлення сельскагаспадарчых жывёл І.Я. Пахомаў, дацэнт кафедры паталагічнай анатоміі і гісталогіі І.М. Луппава, бухгалтар прафкама супрацоўнікаў акадэміі В.А. Салаўёва. А сям’я дацэнта кафедры паталагічнай анатоміі і гісталогіі І.М. Громава і дацэнта кафедры хіміі Л.М. Громавай паўдзельнічала ў акцыі нават са сваёй маленькай дачкой.
Маем спадзяванне, што мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы, стануць традыцыйнымі ў акадэміі. Больш глыбокае і ўсебаковае пазнанне беларускай мовы і культуры садзейнічае наследаванню нацыянальнай культуры і традыцый беларускага народа, укараненню іх у сучасным сацыякультурным асяроддзі, а таксама фарміраванню ў маладых людзей нацыянальных каштоўнасных арыентацый.
Лічым, што падобныя пазавучэбныя мерыпрыемствы дапамагаюць аптымізаваць адукацыйны працэс у акадэміі, узмацніць яго выхаваўчую складальную. Асабісты ўдзел студэнтаў у мерапрыемствах, звязаных з вывучэннем беларускай мовы, беларускай культуры, садзейнічае развіццю грамадзянскай актыўнасці студэнтаў, фарміраванню ў іх значымых грамадзянскіх і сацыяльна-асобасных кампетэнцый.
А.І. Картунова,
загадчык кафедры замежных моў
Ж.П. Курдзека, Т.В. Чарняева,
ст. выкладчыкі кафедры замежных моў