100 ГАДОЎ ВАСІЛЮ БЫКАВУ
Творы народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава – гэта не крыніца бліскучых афарызмаў, як “Залатое цяля” альбо “Гора ад розуму”. Гэта не гульня думкі і неверагодныя прыгоды, як дэтэктывы Акуніна ці Данцовай. І гэта нават не нейкія мудрагелістыя сюжэты, як у Сцівена Кінга. Кнігі Быкава – гэта любоў да Бацькаўшчыны, выхаванне гонару за яе. А яшчэ за людзей простых, быццам бы нічым не выбітных, але мужных, шляхетных, мудрых і гуманных нават у самых складаных абставінах. “Круглянскі мост”, “Сотнікаў”, “Пайсці і не вярнуцца”, “Мёртвым не баліць”, “Альпійская балада”, “Знак бяды” і яшчэ шмат твораў, якія варта прачытаць кожнаму беларусу.
У гэтым годзе, 19 чэрвеня, Васілю Быкаву споўнілася б 100 гадоў. Гэтай падзее была прысвечана куратарская гадзіна, праведзеная ў чацвёртай групе першага курса факультэта ветэрынарнай медыцыны 11 чэрвеня. Падчас мерапрыемства аўтар гэтай нататкі расказаў студэнтам пра жыццё і дзейнасць Майстра, пра яго нялёгкі жыццёвы шлях, сусветную вядомасць і супярэчнасці лёсу.
Прысутныя з вялікай цікавасцю слухалі расповед пра дзяцінства пісьменніка, яго вучобу ў Віцебскай мастацкай вучэльні, баявы шлях, жыццё і творчую дзейнасць у Гродне і Мінску.
На ўсе ўзнікаючыя пытанні прысутныя атрымалі адказы. Студэнты збіраюцца наведаць бібліятэку (праўда, хутчэй за ўсё Інтэрнет) і прачытаць тыя творы, якія не былі альбо недастаткова ўважліва былі прачытаны ў школе. Усялякіх ім поспехаў.
З ДНЁМ НАРАДЖЭННЯ, ВЯЛІКІ МАСТАК СЛОВА
ВАСІЛЬ УЛАДЗІМІРАВІЧ БЫКАЎ!
Дацэнт кафедры ўнутраных незаразных хвароб жывёл
Сяргей Пятроўскі
12.06.2024