З ДЗВІНЫ ДА ВЯТКІ: ПАЧАТАК
Прагненне вандровак і жаданне пашырэння міжнародных сувязяў прывялі дацэнта кафедры ўнутраных незаразных хвароб жывёл Пятроўскага падчас працоўнага адпачынку спачатку ў Оршу, а потым у Маскву. А ўсё з адной мэтай: патрапіць у горад Кіраў, што стаіць на рэцэ Вятцы.
Віцебск і Кіраў шмат у чым падобны: абодва ‒ цэнтры абласцей, абодва атрымалі свае назвы ў гонар рэчак, на якіх заснаваны (да 1934 года Кіраў называўся Вяткай і дагэтуль шмат хто з жыхароў горада кліча сабе вятчанамі), абодва, нарэшце, у савецкія часы былі ўзнагароджаны ардэнамі Працоўнага Чырвонага сцягу. Ёсць і адрозненні: Кіраў буйнейшы за Віцебск (прыкладна на 100000 чалавек), але Віцебск старэйшы (прыкладна на 200 гадоў), у Кіраве ёсць цырк, але няма трамвая, а ў Віцебску няма цырку, але ёсць трамвай. І гэтак далей.
Што па сапраўднаму яднае два гарады ‒ гэта ўстановы вышэйшай адукацыі, якія рыхтуюць урачоў ветэрынарнай медыцыны: у Віцебску ‒ наша акадэмія, а ў Кіраве ‒ Вяцкі дзяржаўны агратэхналагічны ўніверсітэт (я ж вышэй казаў, што самім месцічам падабаецца назва Вятка). У мінулым годзе акадэмія святкавала свой 100-гадовы юбілей, а ў гэтым годзе юбілей ужо ў нашых сяброў ‒ 95-гадоў з дня ўтварэння Вяцкага зааветэрынарнага інстытута. З гэтай нагоды ва ўніверсітэце зладжана Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Сучасныя выклікі ў развіцці жывёлагадоўлі”.
Але самой канферэнцыі папярэднічалі некаторыя важныя (і для акадэміі, і для ўніверсітэту) падзеі. Кіраўніцтва Інстытута біялогіі і ветэрынарнай медыцыны і кафедры незаразных, інфекцыйных і інвазійных хвароб выказала зацікаўленасць у больш шырокіх стасунках паміж нашымі навучальнымі ўстановамі і запрасіла аўтара гэтай нататкі для правядзення лекцыйных заняткаў са студэнтамі 4 і 5 курсаў па дысцыпліне “Унутраныя хваробы жывёл”. У запыце не было адмоўлена і лекцыі былі прачытаны.
Студэнты чацвёртага курсу, якія вывучаюць ветэрынарную медыцыну на вочнай форме навучання (дарэчы, ёсць яшчэ завочная і вячэрняя) з вялізарнай цікавасцю праслухалі ажно дзве лекцыі: “Ад дыспепсіі да пнеўманіі (з жыцця нованароджаных парасят)” і “Язвавая хвароба страўніку”.
На пятым курсе размова была абмежавана адной, але вялікай гутаркай на тэму “Біяхімічныя даследванні крыві і біяхімічныя профілі ў інтэрпрэтацыі вынікаў”. Важна адзначыць: тое што адбывалася было ня простае механічнае праслухоўванне, а жывы дыялог паміж выступоўцам і слухачамі. У гэтым дыялоге былі пытанні ад лектара з адказамі ад студэнтаў, якія паказвалі глыбокае веданне імі прадмету размовы. І, наадварот, ад студэнтаў да лектара, што ў сваю чаргу паказвае прагу навучэнцаў да паглыблення ўжо існуючых ведаў.
Пасля аўдыторнай працы адбыўся сваеасаблівы “круглы стол” паміж супрацоўнікамі кафедры і госцем. Кафедра незаразных, інфекцыйных і інвазійных хвароб уваходзіць у структуру Інстытута біялогіі і ветэрынарнай медыцыны (прыкладны, але не поўны аналаг нашага факультэту ветэрынарнай медыцыны). На ёй, акрамя тэрапіі, вывучаюцца клінічная дыягностыка, акушэрства, паразіталогія, эпізааталогія, хірургія і шэраг іншых дысцыплін. Кафедра выпускаючая і кожны год прыкладна 60 студэнтаў толькі на вочнай форме навучання (а з завочнай і вячэрняй яшчэ больш) выконваюць і абараняюць дыпломныя работы, а пасля здюць дзяржаўныя іспыты. Шчырая і цікавая размова паказала існуючыя дасягненні, складанасці і цяжкасці, якія, па сутнасці, у нашых навучальных устаноў шмат у чым падобныя.
Размова паступова перайшла ў экскурсію па кафедры, якую правялі загадчык прафесар Капылоў Сяргей Мікалаевіч (дарэчы, аўтар вядомага падручніка “Унутраныя хваробы жывёл”) і дацэнт Сапожнікаў Аляксандр Фёдаравіч. Кафедры ёсць чым ганарыцца:
‒ клінікамі, ў якіх студэнты і студэнткі (іх, як і ў нас, большасць) набываюць і адпрацоўваюць практычныя ўменні і навыкі
‒ сучасна абсталяванай аперацыйнай, рэнтгенкабінетам і кабінетам ультрагукавай дыягностыкі
‒ лабараторыямі ветэрынарна-санітарнай экспертызы, марфалагічных і біяхімічных даследванняў крыві
‒ “трэнажорнай” заляй
‒ паталаганатамічным (з больш чым 1200 экспанатамі!) і паразіталагічным музеямі
‒ кабінетам фізіятэрапіі і шмат чым яшчэ.
Усё паказанае з вялізарнай аддачай выкарыстоўваецца ў першую чаргу ў падрыхтоўцы высакакласных ветэрынарных спецыялістаў.
Удзельнікі сустрэчы абмяняліся падарункамі і абяцаннямі працягваць супрацоўніцтва. На будучы год запланавана чытанне лекцый у рэжыме on-line для студэнтаў і нашай акадэміі, і Вяцкага ўніверсітэту, сумесныя навуковыя праекты і публікацыі іх вынікаў.
Канферэнцыя яшчэ не распачалася, таму працяг будзе.
Дацэнт кафедры ўнутраных незаразных хвароб жывёл
Сяргей Пятроўскі
20.11.2025







































