ПАДЦВЯРДЖЭННЕ ЯКАСЦІ
У 2011 годзе наша навучальная ўстанова атрымала сертыфікат, які падцвердзіў, што якасць вучэбнай, навуковай і выхаваўчай дзейнасці УА ВДАВМ адпавядае стандарту СТБ ISO 9001 Сістэмы менеджменту якасці. Патрабаванні (з 2015 года дзейнічае актуальная рэдакцыя). У сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння існуючага сертыфікату восьмага снежня бягучага году ў акадэміі адбыўся аўдыт, падчас якога высветлілася, што якасць і навучання, і выхавання, і навукі не толькі застаюцца на высокім узроўні, але і ў дастатковай ступені пераўзыходзяць набыткі мінулых гадоў.
Эксперт-аўдытар, кіраўнік каманды па ацэнцы Ірына Васіль’еўна Анікіенка (на здымках) была прыемна ўражана пачутым і ўбачаным. Спачатку была ўражана расповедам рэктара Горлавай Вольгі Сяргееўны аб гісторыі акадэміі ў агульным, і гісторыі галоўнага корпуса ў прыватнасці (дарэчы, для аўтара нататкі некаторая інфармацыя была таксама невядомай).
Потым Ірына Васіль’еўна была ўражана высокімі паказчыкамі дзейнасці нашай акадэміі і іх станоўчай дынамікай на працягу апошніх гадоў (колькасці замежных навучэнцаў, праведзеных культурных і ідэалагічных мерапрыемстваў, выстаў, у якіх з вялікім поспехам адзельнічала нашая вну і гэтак далей).
Наступным пунктам уражанняў стала высокая дысцыплінавасць і арганізаванасць працы як аддзелаў (кадраў, вучэбна-метадычнага, навуковага, выхаваўчай работы, міжнароднага супрацоўніцтва, прафарыентацыі і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі), дэканатаў, кафедр і бібліятэкі, так і іх асобных супрацоўнікаў.
Улічваючы падрыхтаванасць акадэміі і адсутнасць заўваг да яе дзейнасці вынікам працы эксперта стала заключэнне аб адпаведнасці сістэмы менеджменту якасці УА ВДАВМ патрабаванням СТБ ISO 9001-2015, аб чым у студзені 2026 года будзе выдадзены адпаведны сертыфікат.
Сертыфікат адпаведнасці – падцвярджэнне якасці і надзейнасці вынікаў плённай працы ўсяго калектыву УА «Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны».
Пятроўскі Сяргей, менеджар па якасці
09.12.2025












