АНЕМІЯ ‒ ГЭТА НЕ ТОЛЬКІ ПАРАСЯТЫ!
Бывае так, што калі спытаць вэтэрынарнага спецыяліста, пра то, хто хварэе на анемію, то адказам у большасці выпадкаў будзе: “Парасяты”. Але гэта зусім не так. А як на самой справе, падчас вучобы галоўных ветэрынарных урачоў гарадоў і раёнаў нашай рэспублікі, якая штогод, у снежні, ладзіцца ў нашай акадэміі, распавёў дацэнт кафедры ўнутраных незаразных хвароб жывёл Сяргей Пятроўскі.
Падчас размовы з калегамі ў жывой і дасціпнай форме слухачы даведаліся аб этыялогіі, механізме развіцця, прыкметах, лячэнні хворых і прафілактыцы пастгемарагічнай, гемалітычнай, гіпа- і апластычнай анемій. Усе гэтыя разнастайнасці хваробы могуць узнікнуць і ў кароў, і ў цялятак, і ў свіней. Было адзначана, што, напрыклад, пастгемарагічная анемія ў кароў можа ўзнікнуць на фоне інфекцыйнай хваробы, спалучанай з няякасным кармленнем (карма з цвіллю). А гемоліз эрытрацытаў у цялятак ‒ у выніку недастатковага паення. І гэтак далей.
Магчыма, самымі галоўнымі вынікамі размовы сталі два. Па-першае. Дыягностыка анемій патрабуе правядзення лабараторных доследаў крыві (як біяхімічных, так і марфалагічных). У акадэміі ёсць магчымасць правядзення такіх доследаў!
І па-другое. Дзеля недапушчэння развіцція анемій у вялікай колькасці жывёл трэба праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы. І ў буйной рагатай жывёлы ў тым ліку. Прафілактыка павінна будавацца на высвятленні прычын узнікнення хваробы. А яны могуць быць самыя розныя і не ляжаць на паверхні. Трэба шукаць недастатковае ўтрыманне ў кармах бялку, мікраэлементаў і вітамінаў. А можа быць, наяўнасць ў кармах мікатаксіну Т-2. І шмат яшчэ чаго.
Таму размова атрымала працяг ужо пасля афіцыйнага заканчэння. Урачы некалькіх раёнаў расказалі, што зразумелі: наяўнасць у дойных кароў прыкмет анеміі не выпадковасць, а сур’ёзная праблема. З якой трэба працаваць і якую трэба ліквідаваць. А мы ў гэтым дапаможам.
Кафедра ўнутраных незаразных хвароб жывёл
19.12.2025

















