Пра складанасць, творчасць і не толькі
Напрыканцы мінулага тыдня (23-24 красавіка 2026 года) на базе УА “Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт” (УА БДАТУ) адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Эфектыўная свінагадоўля: да поспеху разам”. Фундатарам мерапрыемства выступіў часопіс “Беларуская сельская гаспадарка”. У форуме прынялі ўдзел прадстаўнікі шэрагу вядучых “гульцоў” на рынку тэхналогій для жывёлагадоўлі, вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў і кармлення свіней (ЗАТ “Консул”, ТАА “ВінерАгра”, ТАА “Прамветсервіс”, ААТ “Белвітуніфарм” і шэраг іншых) і шматлікія (больш за 100 асобаў) прадстаўнікі заатэхнічнай і ветэрынарнай службы свінагадоўчых комплексаў. Аўтар гэтай нататкі прадстаўляў на канферэнцыі нашу акадэмію (па атрыманых пазітыўных водгуках цалкам годна).
Канферэнцыя хутка пачнецца
Сустрэчу распачаў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Царык Іван, які зачытаў прывітальны адрас ад кіраўніцтва Міністэрства.
Царык Іван Сцяпанавіч вітае ўдзельнікаў канферэнцыі. За сталом (злева направа) галоўны рэдактар часопіса “Беларуская сельская гаспадарка” Ярашэнка Яўген Аляксандравіч і першы прарэктар УА БДАТУ Мірановіч Аляксей Валер’евіч
Спадар Царык адзначыў, што свінагадоўля ‒ стратэгічная галіна жывёлагадоўлі, самы складаны і творчы яе сегмент. Свіння не прабачае памылак, і таму спектр праблемаў у працы свінагадоўчых комплексаў нашмат шырэйшы, чым у скатагадоўлі, і гэтыя праблемы ў большасці выпадкаў цалкам індывідуальныя. Іван Сцяпанавіч анансаваў распрацоўку новага тэхналагічнага рэгламенту па свінагадоўлі, адзначыў важнасць яе далейшага развіцця і тое, што “ад кагосьці залежыць ‒ занадта дорага”. З вітальнымі словамі выступілі першы прарэктар УА БДАТУ Мірановіч Аляксей, які ад імя рэктара павіншаваў удзельнікаў і пажадаў ім шматлікіх поспехаў, і рэдактар часопіса “Беларуская сельская гаспадарка” Ярашэнка Яўген. Больш дыскусій, больш пытанняў і канструктыўных спрэчак ‒ гэтая думка гучала лейтматывам у прамовах.
Падчас самой канферэнцыі цікавыя расповеды чаргаваліся адзін за адным: пра важнасць інжэнерных сістэм для аптымізацыі вытворчасці свініны, пра прабіятычныя і фітабіятычныя прэпараты, пра ферменты ў кармленні свіней, а таксама пра малочную прадукцыйнасць свінаматак і значэнне малодзіва ў жыцці парасят. Апошнія звышцікавыя і актуальныя даклады зрабіў Аляксандр Казлоўскі (з ААТ “Прамветсервіс”), які прыклаў шмат намаганняў дзеля таго, каб канферэнцыя адбылася.
Удзельнікі канферэнцыі (усё вельмі цікава)
Канферэнцыя ‒ заўсёды абмеркаванне. Дыскусію вядзе Сяргей Сцяпанаў (ТАА “Фермент”)
Ваш пакорны слуга расказаў пра язвавую хваробу страўніка (“Пра бедную язву замовіце слова”) і хваробы нованароджаных і крыху старэйшых парасят (“Ёсць толькі імгненне (паміж дыспепсіяй і пнеўманіяй)”). Абодва даклады (асабіста мне больш падабаецца слова не даклад ці лекцыя, а “гутарка”) выклікалі вялікую цікавасць і шмат пытанняў (і ў адносінах да тэорыі, і да практыкі) як на самой канферэнцыі, так і на мерапрыемствах, якія адбываліся па-за афіцыйнымі.
Язва хаваецца і яе пошук ‒ гульня ў хованкі. Але мы пераможам!
Форум свінаводаў, які завяршыўся, неўзабаве працягнецца і стане традыцыйным. Наступная сустрэча запланавана на снежань гэтага года. Будзем чакаць, набірацца сілаў, атрымліваць тэарэтычныя і практычныя дадзеныя, якія будуць спрыяць плённаму развіццю свінагадоўлі, і рыхтаваць спецыялістаў для яе. А гэтая падрыхтоўка ‒ справа ювелірная, бо як адзначыў Царык Іван Сцяпанавіч, кожны з гэтых спецыялістаў ‒ гэта ўнікальны дыямант.
Усе будзьце здаровыя!
Пятроўскі Сяргей, дацэнт
кафедры ўнутраных незаразных
хвароб жывёл
30.04.2026

















